Наша Нива
http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=31297
4.11
Мікола Бугай
Макей загаварыў пра незваротнасць
У адрозненне ад мінулага года дыскусіі на адкрыцці «Мінскага форуму» не прадугледжвалася, таму Уладзіміру Макею не прыйшлося адказваць на непрыемныя пытанні. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, які разам з паслом Вайсам і кіраўніком Усходняга камітэту нямецкай эканомікі праф. Мангольдам форум адкрываў, выступаў упэўнена і жыццярадасна. На самым пачатку ён заявіў, што разлічвае на актыўны ўдзел нямецкіх партнёраў у прыватызацыі. Параўнаў нармалізацыю адносінаў Еўропы з Беларуссю з падзеннем Берлінскай сцяны ў агульнаеўрапейскім маштабе. За апошні год, сказаў ён, было дасягнута больш, чым за ўсе папярэднія гады ізаляцыі. І працытаваў словы Далі Грыбаўскайтэ, якімі тая адказала на крытыку Саннікава ў Рызе пра бясплённасць палітыкі ізаляцыі. Акрамя Грыбаўскайтэ, ён працытаваў Гётэ: «Той, хто хоча ступаць упэўнена, павінен ступаць паволі». І заклікаў да цярпення. У параўнанні з мінулым годам у Макею дадалося ўпэўненасці і публічнасці. У ім стала больш чагосьці такога пуцінскага ў інтанацыях. Памылкова ацэньваць сітуацыю ў Беларусі толькі па грамадска-палітычнай сферы, але трэба таксама і па стабільнасці ў сацыяльна-эканамічнай сферы, нізкім узроўні беспрацоўя, стане сістэмы аховы здароўя, даказваў Макей. Беларусь спадзяецца на поўнае зняццё санкцый у лістападзе. Усе інакшыя рашэнні будуць перашкодай, — строга, але неяк паспешліва заявіў ён. І, не зрабіўшы належнай паўзы, пайшоў ганіць тактыку бізуна і перніка, выступаць за ўцягванне краіны ў інтэграцыю без папярэдніх умоваў. А ў чым інтэграцыя? Беларусь зацікаўленая ў крэдытах і інвестыцыях, заявіў ён і доўга пералічваў установы, ад якіх такоўскія могуць прыплыць. У той жа час «Беларусь не ставіць задачы поўнага ці асацыяванага членства ў Еўрасаюзе», сказаў Макей. Ён заклікаў да змякчэння візавага рэжыму, прывёўшы лічбы: у 2008 годзе Еўрасаюз наведалі на 20% грамадзянаў Беларусі менш, чым у 2007-м. Скончыў ён цытатай са Шпэнглера пра незваротнасць усяго таго, што адбываецца (пры гэтым Освальда Шпэнглера назваў Ота). У зале кожны зразумеў цытату па- свойму . Але энтузіязму яна не выклікала. ** * 13 акрэдытаваных у Менску паслоў, а ўсяго — прадстаўнікі 21 краіны прысутнічалі на адкрыцці XII «Мінскага форуму», што праходзіць з 4 па 6 лістапада ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў. Сёлета яго тэма — «Беларусь і Усходняе партнёрства: перспектывы развіцця ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства». На форум з’едуцца ўрадоўцы, навукоўцы, дэпутаты з розных еўрапейскіх дзяржаваў.
У адкрыцці форуму маюць узяць удзел паслы ФРГ і Швецыі Гебхарт Вайс і Стэфан Эрыксан, намеснік міністра замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус, старшыня Усходняга камітэта германскай эканомікі Клаўс Мангольд. На Форуме будуць працаваць тры працоўныя групы: «Замежная палітыка: Беларусь — сусед у Еўропе», «Эканоміка: новыя задачы эканамічнай палітыкі», «Грамадства: новыя формы ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і грамадствам».
У сваім выступе Клаўс Мангольд падтрымаў Макея адносна «неабходнасці цярпення». «За кожнай ідэяй павінны стаяць людзі. Не трэба прыходзіць сюды [у Беларусь] з бачаннямі», — заявіў ён. Мангольд, між іншым, паведаміў, што ён сёлета ў Беларусі «чацвёрты ці пяты раз».
Народная Воля
http://www.nv-online.info/by/20/300/2703/
5.11 Ігар МАРОЗАЎ
Макей не спяшаецца...
У дванаццаты раз "Мінскі форум" — пляцоўка для дыялогу, арганізаваная Беларуссю і Германіяй, — сабраў на сустрэчу экспертаў. Безумоўна, справа гэта добрая, але само сабой паўстае пытанне: колькі ж можна гаварыць пра адно і тое ж? Калі будуць хоць нейкія зрухі? Праўда, у адным зрух ёсць — у тым, што ўжо другі раз запар у прэзідыуме мерапрыемства засядаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, хаця былі часы, калі не толькі высокія, але нават беларускія чыноўнікі сярэдненькага ўзроўню абыходзілі "Мінскі форум" бокам. Адліга... Але вельмі хутка стала зразумелай галоўная мэта, з якой прыйшоў Макей на мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў дзяржструктур Беларусі, Германіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі, Еўрапарламента і гэтак далей. На адкрыцці "Мінскага форуму" кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі адназначна выказаўся ў тым сэнсе, што Савет Еўрасаюза на найбліжэйшым пасяджэнні павінен зняць усе санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Паводле слоў Макея, любое іншае рашэнне будзе перашкодай да поўнага аднаўлення адносін з Беларуссю. Немагчыма адной рукой прапаноўваць супрацоўніцтва, а ў другой трымаць спіс з патрабаваннямі і абмежаваннямі, лічыць ён. Гэты слоўны пінг-понг (вы прыміце нас такімі, якія мы ёсць; кардыанальна выпраўляць Беларусь пакуль нічога не будзе,, змірыцеся, Беларусь жа — еўрапейская краіна) прагучаў не ўпершыню. На гэты раз Макей упэўніваў прысутных, што рэформы ў Беларусі, у прыватнасці ўдасканаленне выбарчага заканадаўства, носяць сістэмны характар, таму краіну не варта папракаць у няспешнасці. Дарэчы, іншых выступоўцаў ён слухаў без навушнікаў, праз якія трансляваўся пераклад, так што ведання замежных моў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Макей не згубіў. Ён нават у сваім выступленні працытаваў Гётэ: "Упэўненыя крокі павінны здзяйсняцца павольна..." Ну, проста самі на сябе беларускія чыноўнікі сталі не падобнымі. Але Стэфан Эрыксан, пасол Швецыі, краіны, якая старшынствуе ў ЕС, не пагадзіўся з думкай Макея, што ЕС праводзіў палітыку ізаляцыі ў дачыненні да Беларусі. "У 2008 годзе ЕС працягнуў руку Беларусі. Мінску застаецца толькі прыняць яе", — сказаў дыпламат. Ці будзе вынік ад чарговай сустрэчы беларускіх экспертаў і тых, хто займаецца беларускай праблематыкай у Еўропе, сказаць складана. Больш за тое, кожны пад словам "вынік" разумее сваё. ДАРЭЧЫ На наступным тыдні так называемая Палата прадстаўнікоў пачне разглядаць пытанне аб магчымасці прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, паведаміў журналістам кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей.
Паводле яго слоў, сітуацыя няпростая, і дэпутаты маюць намер выехаць у рэгіён, каб вывучыць яе на месцы. Дарэчы, у Абхазіі зараз цудоўнае надвор'е, сапраўдная залатая восень і шмат экзатычнай садавіны. Самы час вывучаць праблему на месцы.
Радыё Свобода
http://www.svaboda.org/content/transcript/1870207.html
5.11 Юры Дракахруст
Формула Гётэ-Макея-Мангольда
“Той, хто хоча рабіць упэўненыя крокі, павінен рабіць іх павольна“ - такую цытату з Гётэ правёў кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей, выступаючы на адкрыцьці Менскага форуму. Такім чынам ён ахарактарызаваў рух Беларусі ў накірунку эўрапейскіх стандартаў як у галіне правоў чалавека і дэмакратыі, гэтак і ў эканамічнай сфэры.
Штогадовы Менскі форум – своеасаблівы баромэтар адносінаў афіцыйнага Менску з Эўропай. Прадстаўніцтва на ім, прамовы выступоўцаў даюць уяўленьне пра тое, ці знаходзяцца гэтыя адносіны на кропцы замярзаньня ці ў стадыі мядовага месяца.
Паводле ўражаньняў ад сёлетняга форуму становішча хутчэй апошняе.
І справа ня толькі ў тэзах, што прагучалі з вуснаў кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Спадар Макей заявіў, што шматгадовая палітыка ізаляцыі Беларусі пацярпела поўны правал, што Менск чакае ў лістападзе поўнага скасаваньня санкцыяў, лічачы іншае рашэньне несумяшчальным з дыялёгам і супрацоўніцтвам, спадзяецца на заключэньне пашыранага пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве з ЭЗ. Падобныя заявы гучаць з вуснаў беларускага кіраўніцтва ўвесь час. З цікавых момантаў варта адзначыць тое, што па-за ўвагай афіцыйнага Менску не засталася спрэчка паміж прэзыдэнткай Літвы Далёй Грыбаўскаце і міжнародным каардынатарам “Хартыі-97“ Андрэем Саньнікавым. Макей прывёў гэты эпізод як ілюстрацыю таго, якая пазыцыя ў Эўропе зьяўляецца дамінуючай.
Куды больш цікавай і знакавай была прамова Кляўса Мангольда, кіраўніка Ўсходняга камітэту нямецкай эканомікі – лабісцкай структуры, якая адстойвае і праводзіць інтарэсы нямецкага бізнэсу. Вага спадара Мангольда ў нямецкай палітыцы значна большая, чым многіх палітыкаў, ягоныя суразмоўцы – асобы не ніжэйшыя за прэзыдэнтаў і прэм'ер-міністраў. На Менскі форум ён прыйшоў пасьля сустрэчы вялікай дэлегацыі нямецкіх бізнэсоўцаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Спадар Мангольд паведаміў, што наведвае Беларусь сёлета ўжо пяты раз.
Некаторыя часткі яго прамовы нагадвалі рэклямны буклет Беларусі: краіна прадэманстравала някепскія вынікі ў крызысных умовах, лепшыя, чым у некаторых эўрапейскіх краінах, індустрыяльная база Беларусі, паводле спадара Мангольда, нават лепшая, чым у некаторых краінах Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, высокі узровень беларускіх тэхнічных спэцыялістаў і нямецкія фінансавыя тэхналёгіі – перадумова “ідэальнага сымбіёзу“.
Клаўс Мангольд наагул не закранаў палітычных пытаньняў, аднак і наконт эканамічных пытаньнях ён заўважыў, што ня варта патрабаваць ад Беларусі ўсяго і адразу – прыватызацыі, эўрапейскіх стандартаў празрыстасьці і ўсяго іншага, што натуральна і зразумела для эўрапейцаў, але ўяўляе сабой вялікі скачок для беларусаў. Лабіст нямецкай эканомікі палічыў вельмі дарэчнай цытату з Гётэ, якую прывёў у сваёй прамове Ўладзімер Макей – наконт упэўненых і павольных крокаў.
Даволі дзіўнай выглядала дыскусія паміж спадаром Мангольдам і спадаром Раманчуком, беларус Раманчук казаў пра непрымальныя ўмовы працы ў Беларусі для замежнага бізнэсу, прадстаўнік нямецкага бізнэсу быў куды больш аптымістычным.
Безумоўна, умовы не ідэальныя. У звароце да ўдзельнікаў форуму новага міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле адзначалася, што “палітычнае збліжэньне і эканамічная інтэграцыя Беларусі і ЭЗ могуць стаць рэальнасьцю пры наяўнасьці далейшага прагрэсу, пры ажыцьцяўленьні рэформаў у Беларусі“. Але і самое зьяўленьне гэтага звароту – справа паказальная. А зь іншага боку, калі крытэрыі нават эканамічных рэформаў у Беларусі фармуюцца паводле формулы Гётэ-Макея-Мангольда, то выглядае, што афіцыйнаму Менску будзе ня надта цяжка іх выканаць.
Зразумела, такая “капітулянцкая“ пазыцыя Эўропы, Нямеччыны ў прыватнасьці, не азначае, што ў пазытыўным пляне афіцыйны Менск атрымае абсалютна ўсё, не саступаючы нічога. У нэгатыўным пляне, у сэнсе скасаваньня пугаў, можа і так, у кулюарах форуму адзін з заходніх дыпляматаў – гарачы прыхільнік прынцыповай палітыкі адносна Менску – асьцярожна заўважыў, што наагул ня ў санкцыях справа. Але што да пернікаў, то пакуль ідзе толькі стадыя нармалізацыі адносінаў, умовы якой насамрэч мінімальныя. Але для больш сур'ёзнага і глыбокага ўзаемадзеяньня Беларусі давядзецца мяняцца.
Прыкладам гэтага зьяўляецца праблема візаў. Уладзімер Макей у сваім выступе адзначыў, што Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, ў якой цана шэнгенскай візы складае 60 эўра. Усе без выключэньня ўдзельнікі форуму выказваліся на гэты конт са шкадаваньнем. Але, напрыклад, мае спробы даведацца, дык калі ж можа быць заключанае пагадненьне аб партнэрстве і супрацы, якое зьяўляецца неабходнай і дастатковай умовай зьніжэньня коштаў візаў, якія існуюць перашкоды гэтаму – сутыкаліся з адказамі пра дыялёг і ўзаемадзеяньне.
Эўропа далёка ня ўсё дасьць Менску бяз крокаў у адказ. Іншая справа, ці патрэбна Менску нешта большае, акрамя нармалізацыі.
Generation.by
http://generation.by/doc14-329.html
11.11 Юра Сідун
Лявон Вольскі і Павал Трацяк на «афтэпаці» Мінскага форуму зайгралі з прафэсарам Райнэрам Лінднэрам
З 4-га па 6-е лістапада ў Менску ў 11 раз праходзіў «Мінскі форум». Традыцыйна вельмі прадстаўнічая імпрэза ў гэты раз называлася «Беларусь і Ўсходняе партнэрства: пэрспэктывы разьвіцьця ў сфэрах палітыкі, эканомікі і грамадзтва». Акрамя сур’ёзных плянарных паседжаньняў і працоўных групаў, якія адбываліся ў Міжнародным Адукацыйным Цэнтры сёлета традыцыйна ўдзельнікаў «Мінскага форума» арганізатары запрасілі на імпрэзу «Мінскі форум у клубе». На якой у гэтым годзе зайгралі адмысловую праграму Лявон Вольскі з гітарыстам Паўлам Трацяком. А на адну зь песень да іх далучыўся нават прафэсар Райнэр Лінднэр, старшыня Мінскага форуму.
