1. Эўропа з шырока заплюшчанымі вачыма
  2. Яўленьне Макея народу
  3. Кароткая размова Макея зь Мілінкевічам
  4. Прастора і ідэнтычнасць у Беларусі

Прэса i навiны аб Мiнскам Форуме XI


Эўропа з шырока заплюшчанымі вачыма

«XI Мінскі форум адрозніваецца ад папярэдніх у тым ліку складам і ўзроўнем удзельнікаў і дэманструе новыя, першыя крокі Беларусі і Еўрасаюза, скіраваныя на нармалізацыю адносін», — заявіў 11 лістапада на прэс канферэнцыі ў сталіцы старшыня Мінскага форуму германскі палітолаг Райнер Лінднер.

Паводле слоў Р.Лінднера, форум прысвечаны двум важным тэмам: бяспека і развіццё рэгіёну пасля расійска грузінскага канфлікту (еўрапейскія перспектывы Беларусі, удзел у Еўрапейскай палітыцы добрасуседства) і сусветны фінансавы крызіс. Мінскі форум пройдзе 13—15 лістапада.

У працы палітычнай секцыі возьмуць удзел дыпламаты, паслы, палітолагі, эксперты і дэпутаты з краін ЕС і краін — суседзяў Беларусі. Для ўдзелу ў эканамічным блоку пад эгідай АБСЕ запрошаны прадстаўнікі бізнесу, банкаўскага сектара, міністэрстваў і ведамстваў розных краін. Традыцыйна трэцяя секцыя прысвечана пытанням культуры, гісторыі і ідэнтычнасці, а таксама СМІ і інфармацыйнай прасторы Беларусі.

«Беларусь стала прадметам інтэграцыйнай канкурэнцыі з боку ЕС і Расіі, развіццё сітуацыі, як і форум, абяцае быць цікавым», — лічыць Р.Лінднер.

Ён падкрэсліў, што форум — гэта не толькі секцыі і выступленні, але і зносіны ў кулуарах.

Упершыню на адкрыцці форуму будзе прысутнічаць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Паводле слоў Р.Лінднера, яго ўдзел — «важны сігнал аб тым, што Беларусь зацікаўлена ў дыялогу».

Міністр замежных спраў ФРГ Франк Вальтэр Штайнмаер упершыню перадасць прывітанне ўдзельнікам форуму. У ім ён кажа, што «Германія, як і ЕС, думае пра тое, як прагматычна і аператыўна ўключыць Беларусь у асобныя галіны Еўрапейскай палітыкі добрасуседства — энергетыкі, транспарту, транзіту».

На форум запрошаны прыблізна 300 удзельнікаў з розных краін, у прыватнасці з Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Фінляндыі, Швецыі.

БелаПАН

http://nn.by/index.php?c=ar&i=21429





Яўленьне Макея народу



Удзельнікі беларуска нямецкага «Менскага форуму» мелі магчымасьць назіраць новага кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзіміра Макея. І ня проста назіраць, а пачуць ягоны выступ. І ня толькі выступ, але і адказы на пытаньні Садоўскага, Парсюкевіча, Шумчанкі.

Інтрыга была тым большаю, што Макей публічна выступае крайне рэдка, а на недзяржаўнай пляцоўцы — і зусім. Між тым яго называюць чалавекам нумар 3 у сёньняшняй гіерархіі лукашэнкаўцаў, пасьля ўласна Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў. І менавіта зь ім, былым савецкім разьведчыкам, а пасьля РБэшным дыпляматам, зьвязваюць цяперашні курс на прымірэньне з Эўрасаюзам. Урэшце, ён стаў першым кіраўніком Адміністрацыі, які наведаў «Менскі форум».

Макей нэрваваўся.

Седзячы пад прыцэлам фотакамэраў, ён то паціраў нос, то торгаў вуха, то прыкрываў вусны кулаком. Было відаць, што яму нязвыкла выступаць публічна. Амаль усю сваю прамову ён прачытаў з паперкі, прычым безь вялікага выражэньня, бясколерна. Без шпаргалкі ён толькі трохі прамовіў па нямецку пры канцы свайго выступу.

Прамова была вытрымана ў абарончым стылі. Ён гаварыў пра:

двайныя стандарты,

12 страчаных гадоў для беларуска эўрапейскіх адносінаў,

немагчымасьць зрабіць кальку з заходняй дэмакратыі ў іншых краінах, да таго ж у адначасьсе,

пра сацыяльную стабільнасьць,

барацьбу з наркатрафікам і гандлем людзьмі,

свабоду СМІ, якую трэба вызваліць ад клішэ,

супольны гістарычны досьвед Беларусі і Германіі,

Калі Макей нагадаў пра пастаўленую прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам задачу ў кароткія тэрміны вывесьці Беларусь у трыццатку самых разьвітых дзяржаваў сьвету, спадарыня Т. у апошнім шэрагу захіхікала.

«Мы, эўрапейцы, маем...», — зьвярнуўся да нямецкіх гасьцей Ул.Ул.Макей,

і лёгкае замілаваньне расплылося пад вусікамі пасла Гебгарда Вайса, што сядзеў на подыюме разам з праф. Райнэрам Лінднэрам, нязьменным рухавіком «Менскага форуму».

На пачатку ў голасе Макея празьвінела пару пуцінскіх нотак, пасьля падрыхтаваны тэкст зьбіўся ў прывычную танальнасьць пасла гордае цэнтральнаазіяцкае сатрапіі дзе небудзь у палацы Шонбрун пры АБСЭ. Аднак, выкрыўшы падкопы і зьняўшы ілюзіі, Макей не закляйміў Захад як галоўную пагрозу духоўнасьці, а заклікаў перайсьці ад эры канфрантацыі да эры дыялёгу і зганіў аджылую блёкавую сьвядомасьць, прапанаваўшы заходнім партнёрам «без палітычных ярлыкоў зірнуць на Беларусь».

У сваім выступе Макей цытаваў Актавіё Паса і Конрада Адэнаўэра, прычым апошняга на мове арыгіналу.

Ён адзначыў бягучы год як год 90 годзьдзя сканчэньня Першай сусьветнай.

Пасьля яго слова ўноў перайшло да вядоўцы, праф.Лінднэра, які нагадаў, што гэта таксама год 20 годзьдзя адкрыцьця праўды пра Курапаты, якое перавярнула сьвядомасьць беларусаў, і стварэньня Народнага Фронту, які на сёньня ёсьць найстарэйшай апазыцыйнай палітычнай арганізацыі Ўсходняй Эўропы. Такі быў пачатак дыскусіі – яна анансавалася, але ўсё адно застала аўдыторыю зьнянацку. Народ адвык весьці спрэчку, пагатоў – з кіраўніком Адміністрацыі. Узьнікла паўза, якую запоўніў немец з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі – ён хацеў наведаць Хатынь, але аказалася, што мэмарыял недаступны для такіх як ён, вазочнікаў.

Другім слова ўзяў першы пасол Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі. «Маё пытаньне простае як тры рублі. Калі мы зможам набываць «Народную волю» ў шапіках?» Заля запляскала,

Макей сумеўся, вытрымаў паўзу і адказаў па беларуску, што «пазытыўныя крокі будуць абавязкова, і яны будуць датычыць таксама сытуацыі на мэдыйным рынку».

Тады на трыбуну выскачыла чарнявая дзяўчынка ў пацёртых джынсах. Я ня ўдзельніца форуму, сказала яна, мы сюды зь сябрамі прыйшлі пікетам, каб нагадаць пра Баразенку і яшчэ дзесяць палітвязьняў па справе 14 ці. Нас спадар Лінднэр запрасіў увайсьці, і вось я таксама з гэтай трыбуны кажу: няма ніякай лібэралізацыі, пакуль гэтыя людзі не рэабілітаваныя.

«А я Парсюкевіч», - выйшаў сьледам за ёю да мікрафона былы палітвязень… І давай праўду матку рэзаць. Нарэзаў нарэзаў і застаўся стаяць за пюпітрам. Маўляў, патрабую адказу.

Лінднэр заўважна ня ведаў, што рабіць, заля шыбуршэла, Макей узяў сябе ў рукі:

«Палітвязьняў у нашай краіне не было і няма. Ёсьць жаданьне прыпісаць палітычныя матывы асобам, якія былі пакараныя па тых ці іншых крымінальных справах. Але закон адзін для ўсіх. Закон можа і не адпавядаць тым дэмакратычным рэаліям, якія павінны быць. Тады яго трэба мяняць. Але пакуль ён ёсьць, яго трэба выконваць».

Дыскусія яўна выходзіла скамечаная, як пінжак, што 13 гадоў праляжаў у валізе. Слова стаў патрабаваць прадпрымальнік Шумчанка. Лінднэр, баючыся канчатковага перарастаньня прыгожае задумы ў палітычную перапалку, сьціпла спрабаваў Шумчанку спыніць, ды дзе там! У чорных акулярах і з жуйкай у роце, той заняў пазыцыю за трыбунай і давай гаварыць пра будучы мітынг прадпрымальнікаў. «Уладзімір Уладзіміравіч, толькі на вас надзея. Рашыце нашы пытаньні, каб нам не выходзіць на вуліцу. Ці маглі б вы прызначыць нам сустрэчу?»    прасіцельна перакрычаў Лінднэра прадпрымальніцкі важак. Макей яўна чакаў горшага і павесялеў:

«Нехта яшчэ ў гэтай залі хоча, каб я нешта паабяцаў? – пажартаваў ён. – А ўвогуле прадпрымальнікамі я не займаюся, але пытаньне аб мерах для іх падтрымкі таксама будзе на разглядзе ў прэзыдэнта».

Вось такім ён аказаўся, Макей – нявопытным аратарам і вопытным дыпляматам. А мог жа Макей і не прыйсьці да немцаў… Нават нагода здарылася, каб не прыйсьці – новая антыкарупцыйная распачалася; пракуратура, суды, МУС, аказваецца, у нас павязаныя парукай.

Не да месца чамусьці ўспомнілася, як на прамінулы форум завітаў Уладзімер Канаплёў. Таксама выступіў.

Барыс Тумар

http://nn.by/index.php?c=ar&i=21496


Кароткая размова Макея зь Мілінкевічам



Кароткая размова Макея зь Мілінкевічам адбылася ў часе «Менскага форуму».

Падчас нямецка беларускага форуму «Суседзтва і бясьпека: пэрспэктывы Беларусі ў Эўропе» выступіў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей. Упершыню ў такім мерапрыемстве ўзяў удзел чыноўнік такога рангу. У яго адбылася таксама кароткая сустрэча зь лідэрам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам.

Спадар Мілінкевіч апавёў:

«Я быў у залі, праходзіў каля нямецкага пасла Гэбхардта Вайса, які размаўляў з Макеем. Ён мяне прадставіў Макею. У нас адбылася зь ім размова. Я выклаў пазыцыю сваю, якая ёсьць і пазыцыяй аб’яднаных дэмсілаў, пра тое, як мы ставімся да дыялёгу, што мы яго падтрымліваем. Я лічу, калі краіна ў небясьпецы, вельмі важна, каб эліты і контрэліты знайшлі супольную мову.

Бо ў нас агульны інтарэс: захаваць Беларусь. А сапраўды Беларусь у небясьпецы, бо можам стаць пратэктаратам суседняй краіны, найперш з прычын эканамічных. І патрэбны дыялёг ня толькі Эўропа — улада. І мы падтрымліваем такі дыялёг. Але патрэбны дыялёг улада — дэмсілы.

Канкрэтных вынікаў размовы не было. Я думаю, што Ўладзімер Макей выдатна зразумеў тое, што я кажу. І, напэўна, ён таксама выступае за дыялёг. Але так вось зь першай размовы на вячэры такія справы не вырашаюцца. Я ўпэўнены, што ўлада таксама прыйдзе да неабходнасьці размовы з дэмсіламі, бо мы прадстаўляем найбольш актыўную, інфармаваную частку грамадзтва».

Радыё «Свабода»

20:04, 15 лiстапада 2008

http://nn.by/index.php?c=ar&i=21526



Прастора і ідэнтычнасць у Беларусі

У межах ХІ Мінскага форума адбыўся "круглы стол", удзельнікі якога ўзнялі пытанні самаідэнтыфікацыі беларусаў і праблему культуры гістарычнае памяці і кансалідацыі грамадства.

Источник: Deutsche Welle
Дата выпуска: 16.11.2008

Генадзь Канстанцінаў, Deutsche Welle

Па словах нямецкага дырэктара Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Яханэса Рау Астрыд Зам (Astrid Sahm), гісторыя заўжды з’яўляецца ў тым ліку і прадметам палітычных дыскусіяў і нават палітычных канфліктаў. Сёння канкуруючыя палітычныя праекты прапаноўваюць розныя культурна-гістарычныя варыянты інтэрпрэтацыі беларускае гісторыі.

"Адны пераважна арыентуюцца на досвед савецкай, партызанскай Беларусі, іншыя больш арыентуюцца на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, - адзначае Астрыд Зам. – У апошнія гады адбылася пэўная пераарыентацыя, і сёння ўжо ёсць афіцыйныя спробы інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі і нацыянальнай ідэнтычнасці, якія імкнуцца інтэграваць два гэтыя прыклады гістарычнае мінуўшчыны".

"Зачыстка" гістарычнае навукі

З меркавання кандыдата гістарычных навук Ігара Кузняцова, сёння афіцыйна зусім не надаецца ўвагі такой старонцы беларускай гісторыі, як сталінскія рэпрэсіі: "За апошнія дваццаць год у Беларусі не абаронена ніводная дысертацыя па гісторыі палітычных рэпрэсіяў".

Па словах навукоўца, на дзяржаўным узроўні не было заўважанае сямідзесяцігоддзе пачатку самай моцнай хвалі сталінскіх рэпрэсіяў, дваццацігоддзе адкрыцця праўды пра Курапаты. Мала таго, дачынна да навукоўцаў, якія займаліся чорнымі старонкамі беларусакае гісторыі, пачаліся рэпрэсіі.

"Пасля 2003 года прайшла “зачыстка” гістарычнай навукі на тэрыторыі Беларусі, - кажа Ігар Кузняцоў. – З Інстытута гісторыі НАН звольнены вядомыя навукоўцы Стужынская, Сагановіч, Тарасаў, Кіштымаў, спіс можна працягваць. Палітолагі неяк больш выжылі, сацыёлагі пайшлі ў Вільнюс у эміграцыю, а гісторыкаў “дабіваюць” на нашай тэрыторыі".

Правалы ў гістарычнай памяці

Што да гістарычнае памяці, то Ігар Кузняцоў прывёў прыклад мястэчка Трасцянец пад Мінскам, дзе ў 30-40-я гады былі расстраляныя каля 30 тысяч вязняў сталінскіх турмаў, а пад час Другой сусветнай вайны былі закатаваныя ўжо фашыстамі больш за 200 тысяч чалавек, сярод іх - велізарная колькасць габрэяў, у тым ліку і прывезеных з Нямеччыны ды іншых еўрапейскіх краінаў.

"На мерапрыемствах, звязаных з 65-годдзем знішчэння Мінскага гета, прэзідэнт Беларусі сапраўды павярнуўся тварам да Халакоста – да праблемы, якая доўга замоўчвалася ў Беларусі, і тады было сказана, што найбліжэйшым часам у Трасцянцы будзе створаны мемарыял еўрапейскага ўзроўню ахвярам нацызму. Пра ахвяраў сталінізму – ні слова", - адзначыў Ігар Кузняцоў.

На думку загадчыка кафедры гісторыі і беларусазнаўства Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Сяргея Новікава, вялікую ролю на свядомасць беларусаў аказвае гісторыя менавіта мінулай вайны. "Суверэнная беларуская нацыя абавязана мець не толькі нацыянальную гісторыю, але і нацыянальную памяць. Патрэба ў гэтым існуе па той прычыне, што беларусам у будучыні неабходна годна глядзець у вочы сваім дзецям і быць упэўненымі ў галоўным: ваенная гісторыя застанецца надзейна служыць справе ўмацавання суверэнітэта беларускай дзяржавы і на справе стане гарантам будучыні беларускага грамадства", - ўпэўнены Сяргей Новікаў.

Камсамолам моладзць не выхаваць

Сёння дзяржава не ў той бок накіроўвае працу з моладдзю, каб маладыя людзі маглі лічыць сябе беларусамі, лічыць музыкант, літаратар і мастак Лявон Вольскі: "Моладзевая дзяржаўная палітыка – гэта крах. Усе гэтыя БРСМы, святкаванні 90-годдзя камсамолу ў дзяржаве, дзе ніякага камсамолу ўжо 20 гадоў як няма – “всё это было бы смешно, когда бы не было так грустно".

Лідэр культавага рок-гурта НРМ мяркуе, што пры іншым раскладзе гістарычных падзеяў тэма самавызначэння беларусаў магла і не паўстаць: "Каб не было ў 1937-м годзе практычна татальнага вынішчэння беларуска арыентаванай інтэлігенцыі ў нашай краіне, мы б зараз не вялі ніякай размовы пра самаідэнтыфікацыю і ідэнтычнасць беларусаў".

Без кансалідацыі няма будучыні

Паводле палітолага Валерыя Карбалевіча, няма нічога кепскага ў тым, што ўлады спрабуюць выхоўваць патрыятызм сярод моладзі і наогул насельніцтва Беларусі праз прыклады дасягненняў у спорце, конкурсах і гэтак далей. Але важнай застаецца праблема яднання грамадства.

"Немагчыма нейкая кансалідацыя нацыі, грамадства ва ўмовах таго фундаментальнага светапогляднага разладу, разлому, які сёння існуе, які сёння заганяецца ўладамі ўсё больш у нейкае гета, - упэўнены эксперт. - Пачатак кансалідацыі павінен адбыцца з пачаткам дыялогу, і не толькі дыялогу паміж Беларуссю і Захадам, але з пачатку павінен быць дыялог унутры беларускага грамадства. Павінна пачацца нейкая публічная дыскусія аб тым, куды ж мы ідзем, у які бок.

Ці мы будзем ствараць нейкую саюзную дзяржаву з Расіяй, таму што гэтая ідэя, хаця і задвінута крыху ў бок, але ж яна не знята з парадку дня, ці ўсё ж мы будзем будаваць нейкую нацыю і на якіх падставах. То бок, патрэбна агульнанацыянальная дыскусія, патрэбны дыялог усіх палітычных, нацыянальных і культурніцкіх сіл, чаго сёння ў нас абсалютна не адбываецца. Без гэтага ва ўмовах расколу ніякай кансалідацыі ў прынцыпе немагчыма чакаць".

deutsch-belarussische Gesellschaft Stiftung Wissenschaft und Politik